Сустрэча аматараў музея ў Новым замку

Вернуться к событиям
11 Март

Сустрэча прысвечана праекту рэстаўрацыі Старога замка. На сустрэчы сабраліся гродзенскія гісторыкі, краязнаўцы, супрацоўнікі ўстаноў культур і проста зацікаўленыя людзі.

Уступнае слова ўзяў дырэктар музея Ю. Кітурка, які расказаў, што над неабходнасцю рэстаўрацыі Старога замка пачалі задумвацца яшчэ ў 1930-я гады, аднак Другая сусветная вайна надоўга перарвала гэты працэс. Наступны раз да рэстаўрацыі замка прыступіліся ў 1980-я гады, калі навуковым кіраўніком праекта рэстаўрацыі быў прызначаны У. Бачкоў, які і прапанаваў рашэнне, каторае з цягам часу ператварылася ў сучасны праект рэстаўрацыі.

У 2014 годзе праца над праектам была зноў распачата, былі праведзены археалагічныя даследаванні і падрыхтаваны праект першай чаргі. На бягучы год выдзелена фінансаванне, і ўжо летам могуць пачацца будаўнічыя працы. Па праекце У. Бачкова плануецца аднаўленне замка на 16 стагоддзе (часы Стэфана Баторыя). Першая чарга ўключае рэстаўрацыю галерэі, брамнай вежы, аднаўленне крапасной сцяны ўздоўж Нёмана, сярэдняй вежы і ўзвядзенне пры ёй дадатковага будынка, так званай камяніцы.

Далей выступіў галоўны архітэктар праекта А. Шымбарэцкі, які растлумачыў, што на працягу 2014-2015 гадоў былі зроблены замеры архітэктурных элементаў на Старым замку, у выніку праведзеных археалагічных даследаванняў былі ўдакладнены трасіроўкі забудоў. Пры падрыхтоўцы праекта былі праведзены шматлікія разлікі, якія грунтуюцца на традыцыях Рэнесансу і адпавядаюць тыпалогіі іншых прац Санці Гучы, які быў архітэктарам С. Баторыя. А. Шымбарэцкі пераканаўча даказаў, што колькасць прапанаваных У. Бачковым паверхаў брамнай вежы грунтуецца на слядах выяўленных архітэктурных элементаў і пралічваецца па прапорцыях «Залатога сячэння». Галоўны архітэктар таксама ахарактарызаваў незадавальняючы стан даследаваных канструкцый, якія ў многіх месцах патрабуюць поўнай перабудовы.

Археолаг музея Н. Кізюкевіч расказала аб аб’ектах, выяўленых у час раскопак на месцы, дзе плануецца пабудаваць камяніцу.

Ю. Кітурка агучыў альтэрнатыўны праект адбудовы замка, каторы прапануе мінскі гісторык М. Волкаў, які лічыць праект Бачкова недакладным і завышаным на адзін паверх. Па яго ініцыятыве мінскі мастак П. Татарнікаў зрабіў эскізы праекта, як, на думку М. Волкава, павінен выглядаць Стары замак часоў Стэфана Баторыя. Прысутныя абмяняліся думкамі.