Мерапрыемствы да 430-й гадавіны смерці караля польскага і вялікага князя літоўскага Стэфана Баторыя

Вернуться к событиям
29 Ноябрь

У снежні 1586 г. у гродзенскім Старым замку памёр Стэфан Баторый – найвялікшы з каралёў Рэчы Паспалітай. Венгр-трансільванец па нараджэнні, ён так упадабаў наш Гродна, што правёў у ім больш часу, чым у Кракаве або Вільні. Па яго загаду быў перабудаваны замак вялікага князя Вітаўта, які пераўтварыўся ў цудоўны рэнесансны палац. Кароль шчодра дапамагаў праваслаўнай царкве, дазволіў свайму архітэктару ўзвесці новую сінагогу для гродзенскіх яўрэяў, аплаціў будаўніцтва касцёла Найсвяцейшай Марыі Панны, вядомага як Фара Вітаўта. Менавіта пры Стэфане Баторыі наступіў час, які можна назваць залатым векам горада над Нёманам. Да сумнай гадавіны смерці караля наш музей сумесна з польскімі (і не толькі) рэканструктарамі падрыхтаваў адмысловую падзею. Заплануйце сабе выходныя 3 — 4 снежня на Гродзенскіх замках!

Праграма мерапрыемстваў

3 снежня  

12.00 – 16.00 на тэрыторыі каралеўскіх замкаў

“У вайсковы лагер да гусараў”

Рэканструкцыя вайсковага лагера XVI ст., дэманстрацыя гістарычных строяў, узбраення, паказальныя баі на шаблях

Уваход вольны

4 снежня

11.30 Стары замак

Урачыстае шэсце гусарскай харугвы гетмана Станіслава Жалкеўскага ў гонар Стэфана Баторыя ад Старога замка па вуліцы Замкавай да кафедральнага касцёла Святога Францыска Ксаверыя

Запрашаем далучыцца!