Адкрыццё выставы “Памежны стан”

Вернуться к событиям
22 Январь

22.01.2016г. у Авальнай зале Новага замка адбылося адкрыццё персанальнай выставы мінскай мастачкі Кацярыны Сумаравай – яркай прадстаўніцы сучаснага беларускага мастацтва.

Выпускніца Беларускай дзяржаўнай акадэмii мастацтваў, сябра “Беларускага саюза мастакоў”, стыпендыятка “Вольнага даследавання” пры Акадэмii мастацтваў г. Каррара (Iталія), яна з’яўляецца ўдзельніцай больш за 40 персанальных і групавых выстаў, у тым ліку і міжнародных.

На выставе прадстаўлены творы з вялікага цыкла «Памежны стан». Кацярына Сумарава, мастачка з выразна акрэсленай творчай пазіцыяй, прапаноўвае гледачам праз свае беспрадметныя жывапісныя палотны прыняць удзел у своеасаблівым эмацыянальным дыялогу, пагрузіцца ў таямніцы чалавечай падсвядомасці. Вытокі візуальнага натхнення мастачка знаходзіць у пластыцы разнастайных ландшафтаў родных краявідаў. Вобразам зямлі, вады, неба яна надае сваю асабістую інтэрпрэтацыю. Праз іх Кацярына Сумарава перадае свой унутраны эмацыйны стан, які выклікае асацыяцыі са зменлівым характарам прыроды. Кампазіцыі вылучае насычаная колеравая гамма. Колеру надаецца суб’ектыўная сімволіка, якая ўзмацняе ўздзеянне твораў.

Творы мастачкі знаходзяцца ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва (Мінск), Мастацкай галерэі Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага запаведніка, Гарадской мастацкай галерэі В.А. Грамыка (г.Орша), прыватных калекцыях у Беларусі, Польшчы, Украіне, Германіі, Галандыі, Літве, Італіі, Японіі, Іране, ААЭ, ЗША, Канадзе.

Выстаўка працуе штодзённа, акрамя панядзелка, з 10:00 да 18:00 (каса музея працуе да 17:30).

Кошт білетаў для школьнікаў – 5000 руб.

для студэнтаў і пенсіянераў – 6000 руб.

для астатніх наведвальнікаў – 7000 руб.

Ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, дзеці-сіраты, дзеці-інваліды – уваход вольны.