СТАРЫ ЗАМАК

Стары замак

Гродзенскі Стары замак у 1967 г. аб`яўлены гісторыка-археалагічным запаведнікам “Замкавая гара”. У яго палацы (помнік архітэктуры Рэнесансу, пабудаваны для караля Стэфана Баторыя ў 1580-я гг.) знаходзяцца музейныя экспазіцыі, якія апавядаюць аб падзеях айчыннай гісторыі і прыродзе Прынёманскага краю. Асобны аб’ект агляду – археалагічны раскоп з руінамі Ніжняй царквы – помніка Гродзенскай школы дойлідства 12 стагоддзя.

Від на Стары замак

Стары замак быў узведзены для караля Стэфана Баторыя дойлідам Санці Гучы з Фларэнцыі на рэштках старажытнага Верхняга замка. Ад прыйшоўшых у заняпад крэпасных збудаванняў часоў вялікага князя Вітаўта выкарысталі ніжнюю частку абарончых сцен, рэшткі вежы, а таксама падмуркі і сцены княжацкага палаца. Будаўнікі ўлічылі ўсё: і пераўтварэнне замка ў каралеўскую рэзідэнцыю, і ўдасканаленне абарончай сістэмы. Мяркуюць, што ў гэтых працах прымаў удзел вядомы фартыфікатар Рудольфіно да Камерына.

У замку ужо дамінаваў палац, вытрыманы ў стылі рэнесансу. На першым паверсе ён меў дзесяць скляпеністых памяшканняў, дзе размяшчаліся арсенал, канцэлярыя, скарбніца і іншыя службы. Другі паверх займалі каралеўскія пакоі – парадныя і жылыя, аб’яднаныя ў тыповую палацавую анфіладу. У атыку знаходзіліся памяшканні трэцяга паверха.

Унутранай сувязі паміж паверхамі не было, кожны з іх меў асобныя ўваходы. У цэнтры галоўнага фасада знаходзілася парадная лесвіца, якая вяла на другі паверх у каралеўскія пакоі. Астатнія ўваходы былі вельмі сціплыя. Уваход на першы паверх быў побач з параднай лесвіцай, а на трэці – у паўночным тарцы.

Фасады і франтоны палаца аздабляла двухколернае шэра-белае сграфіта ў выглядзе раслінна-геаметрычнага арнаменту з геральдычнымі матывамі. Выразны сілуэт палацу надавалі высокі двухсхільны дах, цесаныя з каменю парапеты і высокія коміны. Аб яго першапачатковым выглядзе можна меркаваць па гравюры, якую выканаў у 1600 годзе Т. Макоўскі.

Гродна ў 1600 г.
Томаш Макоўскі, гравюра

Падчас руска-польскай вайны ў сярэдзіне 17 ст. палац быў значна пашкоджаны. Пасля перабудовы ён набыў барочны дэкор. Палац працягваў выконваць ролю правінцыйнай каралеўскай рэзідэнцыі, а да таго ж стаў месцамі правядзення генеральных сеймаў Рэчы Паспалітай, якія адбыліся тут у 1678, 1688 і 1699 гадах. Пасля разбурэнняў, нанесеных у часы Паўночнай вайны і пажару 1735 года, палац зноў перабудоўваецца. Саксонскі архітэктар Карл Фрыдрых Пёпельман праводзіць карэнную перапланіроўку: вонкавая лесвіца замяняецца на ўнутраную, знікаюць шчыпец і атык, змяншаюцца вокны. Будынак атрымлівае чатырохсхільны дах. Цяпер тут размяшчалася частка світы караля і гаспадарчыя службы. Далейшае спрашчэнне архітэктуры палаца адбылося ў 19 ст., калі з фасадаў канчаткова знік дэкор і быў надбудаваны дадатковы аб’ём над былой сталовай залай. На працягу больш чым 120 гадоў Стары замак належаў ваеннаму ведамству, а ў 1924 годзе быў перададзены музею.